Сайт о родном Жодино

Як зрабіць беларускія гарады ўтульнымі і ціхімі? Піша Андрэй Катлярчук. 12 гарадзенцаў-раварыстаў выехалі нядаўна на вуліцы роднага места, каб патрабаваць роўных умоваў руху з аўтамабілістамі. За гэтым, здаецца, руцінным пытаньнем дарожных правілаў нас
1 июля 00:00,

Як зрабіць беларускія гарады ўтульнымі і ціхімі? Піша Андрэй Катлярчук.

12 гарадзенцаў-раварыстаў выехалі нядаўна на вуліцы роднага места, каб патрабаваць роўных умоваў руху з аўтамабілістамі. За гэтым, здаецца, руцінным пытаньнем дарожных правілаў насамрэч хаваецца эўрапейская будучыня для Беларусі.

Нядаўна амбасадар Расеі ў Беларусі параўнаў беларусаў з расейцамі: маўляў, вы, беларусы, падобныя на нашых сялянаў. Ня буду спрачацца, як той казаў, па ўсіх пунктах, але падкрэсьлю тое, што выразна адрозьнівае беларусаў ад расейцаў. Гэта любоў нашага народу да ровару. Пабываўшы ў розных весях Расеі, ніколі ня ўбачыш звычайнай для нашага мястэчка і вёскі карціны: маладзіцы і старыя беларускія кабеты масава круцяць пэдалі. Едуць на працу і з працы, на сенакос і зь сена, на госьці і дахаты. Едуць самі ды вязуць бульбу, траўку, рыбу, дзетак, тавары з крамы і кірмашу. Балазе, дарогі дазваляюць: наўкол або добры асфальт, або пясчанка.

У савецкай Беларусі 1930-х ровар каштаваў тысячу рублёў, больш за карову. У панскай Польшчы ён таксама быў не даступны простым сялянам. А хацелася ж. Так зьявіўся на сьвет цалкам драўляны ровар, фота якога ў свой час абышло ўсе эўрапейскія газэты. Гэты цуд беларускай народнай думкі, зроблены ў 1935 г., можна агледзець у Пінскім краязнаўчым музэі. Як толькі беларусы пачалі жыць лепш, ровар стала ўвайшоў у штодзённае жыцьцё кожнага мястэчка і вёскі БССР. За маё дзяцінства кожны дарослы туравец ці тураўчанка мелі ажно два ровары: стары для гаспадарчых мэтаў і новы – каб дабіць да працы.

Пашана да ровара збліжае беларусаў з старой Эўропай мэнтальна, аддаляючы нацыю ад усходу. Ровар даўно зрабіўся часткай эўрапейскага жыцьця. Велізарныя стаянкі з сотнямі і тысячамі ровараў можна ўбачыць ва ўсіх гарадох Эўразьвязу ад Партугаліі да Фінляндыі. Роварныя маршруты дазваляюць у роўным па колькасьці насельніцтва зь Менскам Стакгольме праехаць без праблемаў праз усе месцы.

Больш за тое, ва ўсіх скандынаўскіх сталіцах сёньня ровар, а не аўто абвешчаны прыярытэтным прыватным транспартам. У Осла і Стакгольме рух прыватных аўто ў цэнтры абмежаваны. Кожны прыватны кіроўца, перасякаючы мяжу цэнтру, плаціць два эўра за кожны заезд. Грошы здымаюцца аўтаматычна з рахунку сканэрам, што счытвае нумар машыны. Як вынік, шмат дзе, напрыклад у маім унівэрсытэце, студэнты ды вялікая частка прафэсуры (што, між іншым, маюць добрыя аўто) дабіраюцца на працу роварам, часта за 15–20 км. Вятроўку і спартовыя штаны ў шафу, душ – і за работу.

За кошт масавага руху раварыстаў у цэнтры места пануе цішыня і чыстае паветра. Апошнім часам адзін з самых папулярных відаў адпачынку ў Швэцыі – гэта прагулянка на двух колах праз усю краіну. Роварныя дарожкі ёсьць паўсюль, а праз кожныя 50 км турыстаў чакае матэль. Любоў да ровара апроч здароўя і чыстага асяродку ставіць неабходныя патрабаваньні да «бацькоў гораду». Буйнае места мусіць быць ня толькі пампэзна чыстым, але ўтульным і ціхім.

Тыдзень таму мэр Кіева загадаў зрабіць роварныя дарожкі ў цэнтры места. Аматары язды адразу зазначылі, што гэта толькі першы крок, якога замала. Спачатку трэба вырашыць праблему з 8-палосным аўтарухам, побач зь якім можна катацца толькі ў рэсьпіратары чарнобыльца ды навушніках падрыўніка. Але новы ўкраінскі брэнд зьявіўся. Цяжка ўявіць роварны рух у цэнтры Масквы, як і, дарэчы, сучасную Расею ў складзе ЭЗ. Менск такой магчымасьці ня страціў.

Наша Ніва

Адрес: http://www.zernovozov.ru/2006/07/12/8/